ЧЫ́СТКА ПА́РТЫІ ў бальшавікоў,

праверка членаў Рас. (з 1925 Усесаюзнай) камуніст. партыі (бальшавікоў) у 1920—30-я г. з мэтай выдалення з парт. радоў палітычна пасіўных і апазіцыйна настроеных людзей пад выглядам пакарання за парушэнне парт. статута і норм камуніст. маралі. Праводзіліся ўсеагульныя (генеральныя) і частковыя чысткі. 1-я ген. Ч.п. адбылася ў 1921 пасля ўвядзення новай эканамічнай палітыкі (нэп): выключаны 24,1% складу партыі. 2-я ген. Ч.п. праведзена ў 1929—30 у сувязі са згортваннем нэпа і масавай калектывізацыяй: выключана 7,8% складу партыі. У час 3-й ген. чысткі (1933) выключаны 18,3% камуністаў і кандыдатаў у члены партыі. XVIII з’езд ВКП(б) у сак. 1939 пастанавіў адмовіцца ад Ч.п. як надзвычайных мерапрыемстваў і «чысціць» парт. рады ў звычайным парадку. Аб парт. «чыстках» у БССР гл. ў арт. Камуністычная партыя Беларусі.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)